Правы чалавека – гэта правы, якія забяспечваюць абарону годнасці і свабоды кожнага асобнага чалавека незалежна ад яго нацыянальнасці, месцажыхарства, полу, этнічнай прыналежнасці, колеру скуры, рэлігіі, мовы або любых іншых прыкмет, якія гарантуюць людзям паўнавартаснае жыццё ў грамадстве, кожнаму даюць магчымасць раскрыцца як асобы. Найважнейшым дакументам у галіне правоў чалавека з’яўляецца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Рэспубліка Беларусь з першых дзён абвяшчэння незалежнасці заявіла аб прыхільнасці нормам міжнароднага права і аб тым, што суверэнітэт краіны аб’яўлены ў імя свабоднага развіцця і дабрабыту кожнага грамадзяніна.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека прадугледжвае роўнасць і свабоду ўсіх людзей з моманту іх нараджэння. Аднак маленькія дзеці натуральным чынам абмежаваны ў правах: бо яны шмат чаго не ведаюць, не маюць жыццёвага досведу і не могуць несці паўнавартасную адказнасць за свае ўчынкі. Чым старэй становіцца дзіця, тым больш асабістых правоў і асабістай адказнасці яно набывае.
Да пэўнага ўзросту інтарэсы дзяцей абараняюць бацькі ці апекуны. Яны нясуць адказнасць за жыццё і здароўе дзіцяці.
Калі гаворка ідзе аб правах дзіцяці, то маюцца на ўвазе ў першую чаргу яго правы як асобы. Дзіця, як любы чалавек, мае права на паважлівыя адносіны, годнае існаванне і развіццё сваіх здольнасцяў.
Дзіця мае права:

- на жыллё;
- на жыццё і здаровае развіццё;
- на асаблівы клопат пры абмежаваных магчымасцях;
- на роўныя правы незалежна ад нацыянальнасці, полу і веравызнання;
- на адукацыю;
- на сям’ю;
- на імя, грамадзянства, захаванне сваёй індывідуальнасці;
- на карыстанне роднай мовай;
- на ўласнае меркаванне і права свабодна яго выказваць;
- на ахову здароўя і сацыяльнае забеспячэнне;
- на здаровае і якаснае харчаванне;
- на адпачынак і вольны час, удзел у гульнях, культурным жыцці, творчай дзейнасці;
- на абарону ад эканамічнай эксплуатацыі;
- на абарону ад жорсткага абыходжання;
- на абарону ад усіх формаў сэксуальнай эксплуатацыі.
Свабода ад дыскрымінацыі
Дзеці рознага полу і ўзросту маюць розныя інтарэсы і патрэбнасці, але ўсе яны маюць аднолькавыя правы і павінны мець роўны зварот незалежна ад полу, нацыянальнасці, паходжання, стану здароўя.
У 1989 годзе на Генеральнай Асамблеі ААН была прынята Канвенцыя аб правах дзіцяці. У ёй замацаваны міжнародна прызнаныя правы дзяцей. У аснове Канвенцыі ляжаць чатыры агульныя прынцыпы, пры захаванні якіх кожнае дзіця зможа развівацца гарманічна і рэалізоўваць свае здольнасці. Рэспубліка Беларусь таксама далучылася да гэтай Канвенцыі.
Агульныя прынцыпы Канвенцыі аб правах дзіцяці.ю
Найлепшае забеспячэнне інтарэсаў дзіцяці
Прымаючы рашэнні і плануючы свае дзеянні, дарослыя заўсёды павінны ўлічваць інтарэсы дзіцяці. Гэты прынцып датычыцца сям’і, органаў улады, судоў, дзяржаўных і прыватных інстытутаў.
Правы дзіцяці на жыццё і развіццё
Бацькі абавязаны рабіць усё магчымае, каб дзіця магло нармальна развівацца і рэалізоўваць свае здольнасці. Дзяржава прапануе бацькам усялякую дапамогу і падтрымку. Калі, нягледзячы на дапамогу дзяржавы, бацькі не могуць забяспечыць дзіцяці неабходныя ўмовы, дзяржава бярэ гэты абавязак на сябе.
Павага поглядаў дзіцяці
У любых пытаннях, якія датычацца дзіцяці, неабходна прыслухоўвацца да яго, улічваць яго меркаванне, а не проста прымаць рашэнне за яго, няхай нават у яго інтарэсах. Дадзены прынцып варта выконваць ва ўсіх аспектах жыцця дзіцяці.

🔍 Прыкметы, на якія важна звярнуць увагу:
✔ Рэзкія змены ў паводзінах (трывожнасць, замкнёнасць, агрэсія)
✔ Неспакойны сон, кашмары
✔ Пагаршэнне працаздольнасці
✔ Нежаданне мець зносіны з некаторымі дарослымі
✔ Страх заставацца дома адзін
📢Як рэагаваць, калі дзіця расказала пра гвалт?
❌ Не вінаваціце дзіця
❌ Не прымушайце забыцца ці маўчаць
✔ Выслухайце, пакажыце падтрымку
✔ Звернецеся ў спецыялізаваныя службы
📞 Куды звяртацца?
Тэлефон даверу: +375 17 263 03 03
Міліцыя: 102
Крызісныя цэнтры: +375 17 352 44 44, +375 17 304 43 70 (кругласутачна, ананімна)
🚨 Не маўчыце! Раскажыце аб праблеме, гэта можа выратаваць нечае жыццё!